Андрэй Хадановіч
я абіраю вольнасьць
як абіраюць бульбу
атожылак пінскай
пасьля панямонскай
нарэшце чарнобыльскай
шляхты
(што сынку дапамаглі табе
гэтыя шляхі?)
які атруціўшы атрамант
амаль не зважае на лямант
бо сёньня ня момант
скуголіць раўці турбавацца
пра нейкія там бел-чырвона-
белыя плямы на мапе
згвалчанай колісь Эўропы
Раз пайшла на фільм «Тытанік»,
а пасьля яшчэ сем раз:
больш не апранаю станік –
толькі ратавальны пас!
Занураюся у порна,
так бы мовіць, з галавой,
бо ўплывае дабратворна
на мысленчы мой развой!
Ой гора ж маё!
Мілы лаяцца ня ў стане,
кажа «ікс» заместа «хэ»:
бо ўлюбёнае чытаньне –
порначасапіс «Архэ»!
Ні «Нататкі Казановы»,
ні пра Фаўставы патрон:
па начах чытае «Новы
дамавіка – бля! – мэрон»!
Ой гора ж маё!
Мілы гіне ні за шэкель:
Ева Сыс і Янка Цень
яго вучаць слову «секель»,
альбо нават «ласкацень»!
А заўчора – нат ня ўспомнім! –
так назваў сваё жазло!
Ў тлумачальным, шасьцітомным
гэткіх словаў не было!
Ой гора ж маё!
Першыя ўрокі. Мусоліш аловак і сьцёрку.
Тэма на дошцы – пішы, як праводзіў ты лета.
Пішуць, казлы. Ты таксама хацеў бы “пяцёрку”,
толькі пра што тут пісаць, як раскажаш пра гэта?
Як ты глядзеў тэлевізар тайком ад бабулі:
над галавою імгненьні сьвісьцяць, нібы кулі,
ледзь нашы гол у адказ забіваюць шатляндцам –
бабця ў адказ прабівае па задніцы сланцам.
Як ты з набітых кашоў выкідаеш лісічкі:
месца няма ўжо, а белых грыбоў усё болей.
Як літаральна за тыдзень мяняюцца звычкі
і геніяльна смакуе партвэйн дзядзі Колі.
Як па дарозе дамоў спатыкаўся, бы Чаплін.
Як, пачатковец-нудыст, ледзь ня зьмерз у Сажы
і, каб сагрэцца, – ударыла ў голаў мача, блін! –
сена калгаснага стог падпаліў. Раскажы!
Як ты глядзеў у кіно “Чалавека-амфібію”,
рот адкрываючы прагна спайманаю рыбаю.
Ўражаны бацька назаўтра купіў табе ласты.
Славік зайздросьціў: “Тапелец, а не вадалаз ты!”
Як з Засажэўскага лесу дамоў на папутцы –
першы твой раз, як сказаў бы цяпер, аўтаспынам.
Як ад дажджу ў тэлефоннай хаваліся будцы
з той, што пасьля назаве цябе сучыным сынам.
Дзе гэта ўсё? Аўтастанцыя. Ціша. Бязьлюдна.
Цераз пітомнік (бабуля казала “пітоўнік”)
крочыш паволі. Зьмянілася ўсё абсалютна.
Толькі дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік.
Пафарбавалі ў зяленіва дом бабы Валі,
вуліцу неяк бяздарна заасфальтавалі,
роў закапалі – і не засталося сьлядоў.
Толькі дзяды, нібы ўнукі тых вашых дзядоў.
У зьбяднелага шляхціча з Крэва
ні гарэлкі няма для сугрэву,
ні гуркоў, ні масьлін,
ані іншых расьлін, —
акрамя геральдычнага дрэва.
Рызыкоўныя гоншчыкі зь Ліды
выпрабоўвалі супэрбаліды…
сёньня кожны жыхар
хлопцаў ведае ў твар:
гераічныя ў іх інваліды!
Сэнбэрнар у папа з Маларыты
меў вялізарныя габарыты,
бачыў смачныя сны
пра кавалак мясны
й памятаў, дзе калега зарыты.
Упершыню цалаваўся ў дзіцячым садку:
сярэдняя група, сярэдзіна ціхай гадзіны.
Дзеўчына доўга трымала мяне за руку,
потым прызналася: я ў яе не адзіны.
Упершыню мяне моцна пабілі ў старэйшай
групе – тая дзяўчынка, зь якой цалаваўся ў сярэдняй.
Я наглядзеўся tv – і назваў яе гейшай.
Гейша таксама глядзела tv. Бойка была канкрэтнай.
Упершыню пасварыўся зь сябрам у першай клясе,
дзеля дзяўчынкі, зь якою біўся ў старэйшай групе:
“Ты ж мне пакляўся! Я ж на цябе паклаўся!
Што робіць ейны волас у гэтым гарохавым супе?!”
Упершыню спавядаўся, мыючы сходы за шатняю,
сябру сяброўкі на тэму сяброўкі сябра.
“Сёньня дала мне…” – кажу. Патлумачыць: “…дала сьпісаць хатняе”
я не пасьпеў – перашкодзіла сябрава швабра…
Дваццаць гадоў мінула – і вось, ляжу на кушэтцы
сябра-псыхааналітыка, што зламаў аб мяне
некалі швабру: “Ты тут ні пры чым. Я ня верыў Сьветцы.
Дзеўкі няверныя. Здрада не абміне.
Я таксама герой. На тую цягне, да гэтай хіліць.
Хоць ты жаніся зь першаю выпадковаю.
Пабяруся з баўгаркай – і хай мяне піліць!
Пазнаёмлюся зь фінкай – і хай падколвае!
Сьветка ж (ты сьведка!) заўжды карысталася попытам.
У адзінаццатай клясе скокнула ў даўжыню.
Прызямляецца. З попы пясок атрасае. А попа там!..
Дваццаць гадоў мінула, а бачу, бы ўпершыню”.
Хутка пясок будзе сыпацца, а ён пра дзіцячыя дупы.
Слухаеш – і ня ведаеш, хто аналітык, хто псых.
Раскажы пра садок. Інвалідам сярэдняй групы
хопіць кушэтак. На ўсіх